Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 4 человека

Памяць у імя будучыні

Дата: 26 февраля 2018 в 08:48, Обновлено 30 октября 2023 в 18:22

                                         Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

                                                    Прашу вас, мае дочкі і сыны,

                                                                            Узяць хоць долю памяці маёй, –                                                                                                                                       Каб потым ёй не зарасці травой.

                                                                                                  А.Вярцінскі

Ужо сем дзесяцігоддзяў мы жывём памяццю.  Памяццю светлай і горкай, памяццю мужнай і ўдзячнай. Якія б версіі і міфы пра Вялікую Айчынную вайну ні з’яўляліся, подзвіг нашага народа ў вайне быў,  ёсць і павінен назаўсёды застацца сімвалам нашага патрыятычнага гонару.

Мы жывём у вельмі складаны час. Адбываецца пераасэнсаванне гісторыі, скажаюцца факты падзей Вялікай Айчыннай вайны. І цяпер многіх хвалюе пытанне, што перададуць нашы дзеці сваім нашчадкам.

         Вядома, што без ведання мінулага не можа быць будучыні. Што мы пасеем у душах нашых дзяцей,  цяпер цалкам залежыць ад нас.

На працягу 14 гадоў я, як класны кіраўнік, імкнуся выхаваць у сваіх вучняў пачуццё патрыятызму – дзейснага, не на словах, а на справах. Гэта вельмі складаная задача. І я стараюся спрыяць таму, каб падзеі мінулага знаходзілі жывы водгук у сэрцы дзяцей.

Як і іншыя класныя кіраўнікі, я вельмі шырока выкарыстоўваю патэнцыял краязнаўчай дзейнасці, таму што ён дазваляе выхоўваць патрыёта і грамадзяніна не на абстрактных ідэалах, а на канкрэтных прыкладах,  дае шырокую магчымасць далучаць вучняў да культурнай і гістарычнай  спадчыны краіны і малой радзімы.

А ўсё пачыналася, калі выйшла хроніка-дакументальная кніга “Памяць” Лельчыцкага раёна.

Мы сустракаліся з адным з ініцыятараў стварэння кнігі-хронікі Дзмітрыем Сцяпанавічам Жуком і ініцыятарам упісання ў кнігу “Памяць” старонак пра Лельчыцкае падполле Глухоўскай Соф’яй Адамаўнай. Гэта сястра камсамолкі-падпольшчыцы Веры Адамаўны Вярэніч, якая загінула ад рук фашыстаў.

Праводзілі розныя мерапрыемствы: “Жыву і дыхаю, мой родны край,  табой”, “Зямля бацькоў – мая зямля”,  Вуліцы майго горада” , “Іх шлях пралёг”, “Памяць роднага краю”. “Пра іх не трэба забываць” і інш.

Каб данесці ўсё гэта да сваіх вучняў паслядоўна, падрабязна, дакладна, каб глыбока зацікавіць іх гісторыяй сваёй радзімы, я прыйшла да высновы, што патрэбна сістэма мерапрыемстваў, якая б не толькі давала вучням веды аб мінулым, але і захапіла б іх навізной, дала б ім магчымасць праявіць свае здольнасці і інтарэсы, стаць зацікаўленымі грамадзянамі сваёй зямлі і сапраўднымі  патрыётамі.

Так прыйшла задума стварыць валанцёрскі атрад. Наш атрад “Искорка” дзейнічае трэці год.

Работа вядзецца па розных напрамках. Асноўнымі формамі работы сталі:  

  • сустрэчы з ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны;
  • сустрэчы з былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў;
  • віншаванні на даму;
  • аказанне шэфскай дапамогі ветэранам і вязням фашысцкіх канцлагераў;
  • добраўпарадкаванне магіл і воінскіх захараненняў;
  •  правядзенне урокаў Мужнасці і урокаў Памяці;
  • правядзенне экскурсій.

Вучні нашага класа пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Сергеенка Тамары Мікалаеўны з’яўляюцца экскурсаводамі школьнага музея Баявой славы.

Такія формы работы з’яўляюцца ўнікальнай магчымасцю для вучняў даведацца пра суровую праўду вайны.

…Час няўмольна бяжыць. Стала гісторыяй Вялікая Айчынная вайна. Сем дзесяцігоддзяў прайшло з мая сорак пятага… За гэтыя гады вырасла не адно пакаленне людзей, якое ніколі не чула стрэлаў гармат і разрыву бомбаў.

А іх засталіся адзінкі: тых, хто на свае вочы бачыў вайну, кроў, страх, тых, хто выжыў у Вялікай Айчыннай вайне… На жаль, з кожным годам усё менш і менш застаецца жывых сведкаў той страшнай вайны.

Але ёсць памяць. Так нарадзіўся праект “Сведкі вайны”.

Сустракаючыся з ветэранамі, мы запісваем успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб стварыць Кнігу памяці для школьнага музея баявой славы. 

З успаминаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Шуканава М. Ф., Юніцкага П. А.:

  • У саракавым годзе на нашу тэрыторыю засылалі дыверсантаў. Былі частыя падпальванні.
  • Лельчыцы бамбілі ўжо на трэці дзень. Першыя бомбы былі скінуты ў раёне шостага магазіна і бальніцы. На месцы бальніцы быў грамадзянскі аэрадром. А немцы, мабыць думалі, што там размешчаны склады. Усяго было скінута 9 бомб.
  • У жніўні 1941 года наш раён быў акупіраваны фашыстамі. Акупацыя доўжылася да 1942 года. Фарміруецца партызанскі рух.
  • Калі была ўстаноўлена партызанская зона, немцы больш не гаспадарылі.
  • Шмат людзей было забіта.
  • Калі палілі Лельчыцы, мясцовыя жыхары беглі ў Дуброву, у балота. А раніцай ужо палілі Дуброву.
  • Усё было спалена. Толькі ў вёсцы Дубніцкае засталося 12 хат, і, калі вызвалілі Лельчыцы, там часова быў раённы цэнтр.
  • У 1943 годзе было створана Малдаўскае партызанскае злуэнне ў вёсцы Пабеднае (Падварак)
  • Паміж Падваркам і Злодзінам (Чырвонабярэжжа) знаходзіўся партызанскі аэрадром.
  • У 1944-м годзе ваенкамат быў у Асянском.

Асабіста вывучаючы гісторыю вайны, сустракаючыся з людзьмі, перажыўшымі жахі вайны, нашы падлеткі і моладзь могуць уявіць факты франтавога жыцця арміі і тылу.

Наш праект дае магчымасць выказаць нам, моладзі, сваю ўдзячнасць і павагу людзям, дзякуючы якім мы цяпер жывём. А таксама зірнуць на вайну вачыма яе ўдзельнікаў. Толькі яны, жывыя сведкі той страшнай вайны, могуць расказаць нам праўду і на ўласным прыкладзе паказаць, што значыць быць сапраўдным патрыётам.

Гэты праект мае практычнае значэнне. Сабраныя матэрыялы дапамогуць вучням і настаўнікам пры падрыхтоўцы класных гадзін, правядзення экскурсій у школьным музеі Баявой славы, пры падрыхтоўцы да экзаменаў,  пры вывучэнні тэмы “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі майго краю”.

Веданне гісторыі сваёй краіны, горада, вёскі патрэбны не толькі старэйшаму пакаленню, якое стварала гэту гісторыю, у большай ступені яно патрэбна моладзі, тым, каму перадаецца эстафета гісторыі.

Каб гісторыю нельга было перапісаць, яе патрэбна захаваць.

                                                   

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.